Шэдэўр сусветнай прозы ХХ стагоддзя

А мы працягваем сумесны праект рэдакцыі газеты Наш час і раённай бібліятэкі Читающий Волковыск. Сваімі чытацкімі рэкамендацыямі дзеліцца фатограф, лідар моладзевага крыла Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, спецыяліст па працы з моладдзю ААТ Ваўкавыскі мясакамбінат, аўтар лагатыпа для ўсёй краіны, сімвала Года беларускай жанчыны – Яўгенія Пагранічная:

Ёсць творы, якія пакідаюць глыбокі след у душы, вучаць разумець і шанаваць чалавека. «Людзі на балоце» Івана Мележа – менавіта такі твор. Гэты раман, адна з частак усімі вядомай трылогіі «Палеская хроніка».

Іван Паўлавіч Мележ – беларускі савецкі празаік, драматург, публіцыст. У рамане ён падрабязна апісвае жыццё сялян палескай вёскі Курані падчас калектывізацыі 1920-1930‑х гадоў. Героі твора – гэта вобразы землякоў з малой радзімы аўтара – вёскі Глінішчы.

Чаму ж «Людзі на балоце» так глыбока мяне ўразілі? Перш за ўсё, гэта жывыя, шматгранныя персанажы. Мележ стварыў такую галерэю героеў, што здаецца, быццам ведаеш іх асабіста. Кожны персанаж жыве сваім уласным жыццём, мае свае страхі, свае надзеі. Іх лёсы пераплятаюцца, ствараючы складаны, але адначасова і непаўторны малюнак жыцця.

Раман «Людзі на балоце» І. Мележ пачынаў як лірычны твор. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі індывідуальныя, глыбока народныя. Астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні.

Каб дэталёва перадаць сялянскі побыт пачатку ХХ стагоддзя, Іван Паўлавіч звяртаўся да бацькі. Пісьменнік дасылаў яму лісты, дзе пытаў пра вядзенне гаспадаркі, абрады, назвы страў і святаў. Бацька ж падрабязна адказваў на запыты.

Прырода – гэта яшчэ адзін неад'емны элемент твора, які зачароўвае, адлюстроўвае стан душы герояў, іх радасць і смутак. Палі, балоты, лясы Палесся – гэта не проста фон, яны становяцца практычна жывымі героямі твора. Мележ з такой любоўю і падрабязнасцю апісвае гэтыя мясціны, што чытач адчувае скразнякі ад ветру і свежасць ранішняй расы.

Мова твора багатая, выразная, напоўненая мясцовым каларытам. Мележ па майстэрску выкарыстоўвае народныя прыказкі, фразеалагізмы, што надае твору жывасці і аўтэнтычнасці.

Што цікава, доўгі час Мележ сумняваўся наконт назвы рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», на асобным лісце было запісана 15 варыянтаў загалоўка. Тады ж спыніліся на назве «Туманы над багнай». Але супрацоўнік рэдакцыі пераканаў пісьменніка змяніць назву на больш светлую – «Людзі на балоце».

За раман «Людзі на балоце» пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Твор быў перакладзены на рускую, эстонскую, нямецкую, латышскую і іншыя мовы свету і не аднойчы экранізаваны. А помнік героям рамана можна ўбачыць сёння ў Хойніцкім гарадскім парку культуры.

«Людзі на балоце» – гэта кніга, якая прымушае задумацца пра сэнс жыцця, пра прыроду чалавека, пра тое, што сапраўды важна. Гэта раман, які застаецца з табой на доўгія гады, напамінаючы пра неверагодную сілу чалавечага духу.

Абавязкова прачытайце!