30 мая ў філіяле “Бібліятэка – цэнтр нацыянальнай культуры аг. Юбілейны” адбылося віртуальнае падарожжа “Сядзіба, або хата з матчынай душою” для ўдзельнікаў клуба “Спадчына”. Падарожжа дазволіла бліжэй пазнаёміцца з даўнімі рэчамі сялянскага ўжытку, з мноствам прыкмет і павер’яў.

З дапамогай прэзентацыі дзеці мелі магчымасць наглядна ўбачыць як выглядае печ, прасніца, кросны, маслабойка, гліняны посуд, плеценыя кашы, карабы, лапці, саматканыя дываны, кажухі, валёнкі. Дзеці ахвотна расказвалі што з гэтых рэчаў яны бачылі раней, а што захавалася ў іх бабуль і сёння.

Для замацавання пачутага, прысутным былі прапанаваны тэматычныя загадкі і агляд хатніх прылад, якія знаходзяцца ў бібліятэцы. Хуткія і правільныя адказы дзяцей сведчылі аб тым, што тэма іх захапіла.

Напрыканцы мерапрыемства дзеці бліжэй пазнаёміліся з кнігай  М. Маляўкі “Сядзіба, або хата з матчынай душою”, у якой сабраны народныя прыкметы, прыказкі і прымаўкі, жарты і загадкі.  А вершы, якія таксама змешчаны ў кнізе, напаўняюць яе душэўным святлом.