11 чэрвеня ў філіяле “Войткавіцкая сельская бібліятэка” адбылася літаратурная сустрэча-размова “Летапісец роднай зямлі”. Мерапрыемства было прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Петруся Броўкі.

Імя гэтага чалавека даўно трывала ўвайшло ў гісторыю нашай літаратуры. П. Броўка выдаў шэраг кніг вершаў для дзяцей, зборнікаў аповесцей і апавяданняў, а таксама нарысаў і оперных лібрэт. Яго вершы перакладзены на многія мовы свету. Імя славутага класіка прысвоена выдавецтву “Беларуская Энцыклапедыя”.

На пачатку мерапрыемства бібліятэкар нагадала некаторыя старонкі жыццёвага і творчага лёсу народнага паэта Беларусі, расказала пра тое, што Пятрусь Броўка ніколі не губляў сувязі з землякамі, "сэрцам і душой памятаў" родныя азёры і рачулку Ушачку, жытнія палі і наддзвінскія лясы.

З вялікім задавальненнем дзеці чыталі вершы, а таксама слухалі песні на вершы юбіляра. Мерапрыемства прайшло ў цёплай, душэўнай атмасферы і падарыла ўсім яго ўдзельнікам шмат станоўчых эмоцый.