Гісторыя нашай Радзімы вельмі багатая, шмат падзей адбылося на працягу вякоў на Беларусі. І сведкамі гэтых падзей сёння з’яўляюцца помнікі дойлідства: замкі, вежы, касцёлы, цэрквы... Наведванне іх – гэта заўсёды незабыўнае падарожжа ў часе. Гэта магчымасць дакрануцца да гісторыі, адчуць дух мінулага і акунуцца ў свет легенд і паданняў. Гэта падарожжа, якое дазваляе нам зразумець, хто мы ёсць і адкуль мы родам. І памяць пра гэтыя старажытныя сцены застанецца з намі надоўга, нагадваючы пра веліч і драматызм мінулых часоў.

26 лістапада ў філіяле “Гарадская бібліятэка №46” удзельнікі клуба “Калейдаскоп” здзейснілі эрудыт-круіз  “Цуды беларускай архітэктуры” па старажытных замках Гродзенскай вобласці і наведалі дзівосны і непаўторны Нясвіжскі палац.

Бібліятэкар распавяла вучням, калі на Беларусі ўзніклі першыя замкі, для чаго і з чаго яны будаваліся. Дзеці даведаліся і пра гаспадароў гэтых незвычайных паселішчаў, і пра знакамітыя легенды і паданні, якія іх суправаджалі.  Расказ дапоўніла змястоўная прэзентацыя.

Удзельнікі клуба праверылі свае веды і эрудыцыю ў конкурсах: “Разгадай філворд”, “Геральдычныя сімвалы гарадоў”, “Стужка часу”, “Гістарычная матэматыка”; паказалі сябе ўважлівымі слухачамі і добрымі знаўцамі беларускай мовы і гісторыі.