У рамках святкавання 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, класіка беларускай літаратуры, у раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гасцёўня пад назвай «Класік зямлі пад белымі крыламі», для вучняў 8 класа гімназіі №1.

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з жыццём беларускага пісьменніка, з яго багатай творчай спадчынай, даведаліся аб тым, які ўклад ён унёс у развіццё беларускай літаратуры.

Бібліятэкар падкрэсліла, што У.С. Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які пачаў пісаць у жанры гістарычнага дэтэктыву. Яго кнігі – гэта машына часу, якая пераносіць нас на стагоддзі назад, у свет адважных рыцараў, хітрых змоўшчыкаў, старажытных легенд і сапраўдных дэтэктыўных загадак. Прысутныя адказалі на пытанні віктарыны “Жыццёвы і творчы шлях У.Караткевіча”, паглядзелі  буктрэйлер “Чорны замак Альшанскі" па раману У.Караткевіча, прачыталі вершы пра Беларусь, прыгадалі афарызмы Уладзіміра Сямёнавіча, якія вельмі трапныя і актуальныя і ў нашы дні.

На прыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што цяжка знайсці той жанр, у якім не спрабаваў свае сілы Уладзімір Караткевіч і доказам гэтых слоў стала кніжная выстава “Друкаваная спадчына У.Караткевіча”. У яго творчым «арсенале» – раман, аповесць, апавяданне, казка для дзяцей, нарыс, рэцэнзія, навуковае даследаванне, паэма, балада, верш, п'еса, эсэ, кінасцэнарый, лібрэта оперы і балета… А яшчэ пераклады з розных моў, вострапубліцыстычныя артыкулы ў абарону нацыянальных традыцый, помнікаў гісторыі і культуры, роднай і блізкай з дзяцінства прыроды; дробныя нататкі, дзённікавыя запісы.

Уладзімір Караткевіч – асоба пра якую можна гаварыць бясконца і бясконца адчуваць гонар за яго, як пісьменніка і сапраўднага чалавека.