Адкрываючы зборнік паэзіі, заўсёды захапляешся небывалым палётам думкі аўтара, але гэтае пачуццё ахоплівае нас удвая мацней, калі гэта кніга паэта, які нарадзіўся і вырас у суседняй вёсцы.
95-годдзе з дня нараджэння паэта-земляка Валянціна Хмары адзначылі чытачы філіяла “Вярэйкаўская сельская бібліятэка”, прыняўшы ўдзел у паэтычным марафоне “Гартаючы старонкі вашы ў юбілей”.
Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з біяграфіяй пісьменніка і акрэсліла асноўныя тэмы творчасці.
Удзельнікі паэтычнага марафона з задавальненнем чыталі вершы паэта-юбіляра “О неба, мілага дзяцінства”, “Беларус”, “Бярозка” і іншыя. У выкананні Бязгодавай А.У. прагучала песня “Беларусачка-чараўніца”, а падыграў ёй Талочка В.Ф.
У наш час, калі перавага так часта аддаеца прагматызму і імгненнай карысці, вершы Валянціна Хмары вярнулі нас да духоўных каштоўнасцей і нагадалі іх сапраўднае месца і ролю ў існаванні чалавека.