21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў філіяле «Шылавіцкая сельская бібліятэка” прайшоў урок роднай мовы “Браму скарбаў сваіх адчыняем ”, на які былі запрошаны вучні 7 класа ДУА «Шылывіцкая сярэдняя школа”.
Зразумела, у кожнага народа свая родная мова, а для нашага народа родная мова – беларуская. Яна прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду.
У час мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з гісторыяй і культурай роднай мовы, дазналіся, што родная мова — генетычны код любой нацыі, які патрэбна любіць, шанаваць і берагчы. Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы прысутным дапамагло чытанне вершаў класікаў беларускай літаратуры (Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка і інш.).
Бібліятэкар прапанавала школьнікам акунуцца ў свет беларускага фальклору і народнай творчасці. Дзеці ўспаміналі пацешкі, лічылкі, прымаўкі, заклічкі, з вялікім задавальненнем адгадвалі загадкі, спаборнічалі ў чытанні скарагаворак, былі перакладчыкамі слоў з рускай на беларускую мову, адгадвалі як называліся рэчы побыту сялян па-беларуску.
У канцы мерапрыемства дзеці гулялі ў народныя гульні «Ручаёк», «Вілюшкі», «Лянок» і іншыя.