Фальклорнае свята “Чароўны куфэрак”, прайшло 20 студзеня ў філіяле “Вярэйкаўская сельская бібліятэка” ў рамках Года гістарычнай памяці, а ўдзельнікамі яго сталі члены клуба “Юны эрудыт”, які працуе пры бібліятэцы.

Чаго толькі не знайшлі дзеці ў чароўным куфэрку: народныя калыханкі і пацешкі для маленькіх, загадкі, прыказкі і прымаўкі, легенды і паданні. Адшукаліся ў ім нават народныя гульні “Пацяг” і “Пеўні”, у якія ўдзельнікі свята з задавальненнем пагулялі.

Паслухалі беларускую народную песню “Там, каля млына”, даведаліся аб тэатры батлейка і паглядзелі ўрывак са спектакля. А як жа было не ўспомніць пра народныя казкі, якія вучаць дабрыні, кемлівасці і справядлівасці.

Не абышлі на фальклорным свяце і тэму народных інструментаў. Дзеці з цікавасцю слухалі гучанне цымбал і дудкі беларускай. А завяршылі мерапрыемства танцамі пад беларускую народную музыку.